Сёння, 21 лютага, у нашай краіне адзначаецца Дзень роднай мовы (беларусаў са святам віншуе і нацыянальнае тэлебачанне, спасылка – “Дзень роднай мовы адзначаюць у Беларусі”). Захаванне беларускай культурнай нематэрыяльнай спадчыны – гэта, перш за ўсё, захаванне і развіццё беларускай мовы.
Студэнты другога курса спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне” (прадстаўнікі валанцёрскай суполкі “Vita”) разам са студэнтамі першага курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта правялі Дзень беларускай мовы на эканамічным факультэце.
Студэнты-эканамісты перакладалі эканамічныя тэрміны на беларускую мову, разважалі пра будучыню; асобную ўвагу прыцягнулі факты пра беларускую мову, аб якіх распавялі ў сваім паведамленні будучыя філолагі. На пытанне “Якія беларускія словы самыя любімыя?” адказвалі і выкладчыкі эканамічнага факультэта. Веданне асобных беларускіх словаў праявілі замежныя студэнты.
Беларуская мова аб’ядноўвае. Выказваем падзяку студэнтам і выкладчыкам філалагічнага факультэта за плённае супрацоўніцтва.
Таццяна Шаламіцкая,
ст. выкладчык кафедры
эканомікі і кіравання,
куратар гр. ДК-21.