Так, гэта мара выкладчыкаў: студэнты – у бібліятэцы. Але ж “Вераснёвыя светлыя мары” – яшчэ і назва, тэматычны накірунак сёлетняга свята “Ноч у бібліятэцы – 2017”, якое прайшло 15 верасня ў Гомельскай абласной бібліятэцы. На цудоўнай вечарыне былі студэнты спецыяльнасцей “Дзяржаўнае кіраванне” і “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” разам з ст. выкладчыкам кафедры эканомікі і кіравання Т.М. Шаламіцкай. Cтудэнты і выкладчыкі іншых факультэтаў нашай Alma Mater таксама прысутнічалі, прычым, студэнты-філолагі і іх кіраўнік В.С. Новак, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі, прадставілі гледачам на фальклорнай пляцоўцы “Таямнічыя сцежкі кахання” тэатралізаваны абрад “Вяселле”.
Насычаная праграма свята прымушала рабіць выбар – удзельнічаць у імправізаванай інтэлектуальнай гульні “Знаўцы пад белымі крыламі”, якую праводзіў знаўца клуба “Што? Дзе? Калі?” Леанід Клімовіч, глядзець спектакль “Чорная панна Нясвіжа”, прысутнічаць на іншых пляцоўках.
Свята атрымалася цалкам беларускамоўным і, наогул, атрымалася.